Крэатыў ад украінскіх авіяліній
Зазірнула на сайт украінскай авіякампаніі Aerosvit, і мяне прывітала вось такая рэклама.

Дзяўчына сімпатычная, але болей мяне зацікавіў слоган. Даслоўны пераклад: "Калі вы адчуваеце, што вам чагосьці не хапае, наведайце Украіну - вы можаце знайсці гэта там". Але missing something - гэта таксама і "згубілі" або нават "у вас прапала". Таму слоган крэатыўна наводзіць на думку: "Сумуеце па скрадзеным аўто? Наведайце Украіну!" Менавіта так калісьці немцы здзекваліся з адмены межаў з Польшчай...
Візавая палітыка Тайланду
Здала пашпарт у Варшаве на тайскую візу. Прыемныя моманты працэдуры:
1. Да 4 сакавіка віза бясплатная.
2. Анкета займае адну старонку.
3. Падцвярджэння заробкаў і г.д. ня трэба.
4. Білет тэарэтычна трэба, каб ведаць нумар лёту, але ніхто яго не правярае.
5. Выдаюць пашпарт з візай на наступны дзень.
Непрыемныя моманты:
не знайшла.
Eurovision
Пачала глядзець польскі нацыянальны адбор на "Еўрабачанне". Большасць з 10 канкурсантаў - дзяўчыны. Зараз выступае першы гурт, "Ляшчы" (Leszcze) з нейкай напаўкабарэтавай песенькай пра тое, як яны любяць ўікэнд. Калі будзе нешта цікавае, выкладу відэа.
Падарожжы
Люты пачнецца і скончыцца падарожжамі. На пачатку месяца - Вільня і Менск, у канцы - Чанг Май (Тайланд). Доўга мой заплечнік пасля Штатаў не прастаяў...
Cубота
З раніцы гатавала абед, потым, калі ўсё было ўжо ў працэсе, адкрыла на макбуку 1900 by Bertolucci... Ну і вось, палова дня прайшла.
дзень аварый
У Варшаве ізноў амаль цёпла, -1. Можа, з-за рэзкіх перападаў тэмпературы людзі губляюць уважлівасць, і ўвечары транспарт амаль спаралізавалі два выпадкі.
Першы - у метро на станцыі Старыя Бяляны мужчына гадоў 30 аступіўся, і нага папала між цягніком і платформай (у варшаўскім метро досыць вялікія зазоры). Выратавалі, але амаль гадзіну не хадзілі цягнікі, а потым пачалі курсаваць з доўгімі паўзамі.
Другі - на скрыжаванні ў раёне Ахота сутыкнулася машына з трамваем, і ў цэнтр не маглі даехаць дзесяткі трамваяў. Не ведаю, ці пробка ўжо разыйшлася.
Нават дзіўлюся, што аўтобус ад метро да дому давёз мяне нармальна...
Рэклама лекаў
Назіраю, як змяняюцца патрабаванні да тэлерэкламы лекаў.
Раней у канцы рэкламнага роліку ішла фраза "Перад ужываннем скансультуйцеся з лекарам або фармацэўтам". Цяпер гэтая фраза дадаецца яшчэ адной "Бо кажды няправільна ўжываны лек пагражае вашаму жыццю або здароўю". А нядаўна пасля гэтай фразы ізноў сталі паўтараць рэкламны слоган.
У ЗША пры рэкламе лекаў апісанне магчымых пабочных эфектаў такое доўгае, што не магу сабе ўявіць, як нехта можа захацець іх купіць. Напрыклад, пры рэкламе сродка ад нікатынавай залежнасці рэкламшчыкі папярэджвалі перастаць яго прымаць як толькі з'явяцца суіцыдальныя думкі або праявы шызафрэніі.
Ці ўвогуле трэба рэкламаваць лекі ці лепей рэкламаваць кансультацыі ў лекараў?..
частковы пераезд
Для адкрытых пастоў пераехала на barilotti.eu
Хочацца пацацкацца з WordPress'ам, ды і адрас быў незаняты, спакусілася.
Але трансляцыя будзе ўсё роўна ісці сюды, так што шмат не зменіцца.